Людміла Шлег

Людміла Шлег

Людміла Шлег

ШЛЕГ Людміла Карпаўна

21.09.1948 — нарадзілася Людміла Карпаўна Шлег.

У 1948 годзе ў Баранавічах нарадзілася Людміла Карпаўна Шлег — кампазітарка і мастачка. Атрымала поўную музычную адукацыю: музычнае вучылішча, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, асістэнтура-стажыроўка пры Ленінградскай кансерваторыі імя Рымскага-Корсакава, а таксама мастацкую — па станковым жывапісе і графіцы Маскоўскага інстытута імя Крупскай. Член Саюза кампазітараў з 1974 года. Л. К. Шлег актыўна працуе ў сферы аркестравай, вакальна-сімфанічнай, камернай і харавой музыкі. Адметнымі рысамі творчасці кампазітаркі з’яўляюцца тэатралізацыя музычных формаў, актыўнае ўжыванне элементаў сучасных кампазітарскіх тэхнік, яркасць нацыянальнага каларыту. На працягу многіх гадоў Л. К. Шлег стала звяртаецца да фальклорнай тэматыкі, звязанай з аднаўленнем архаічных вобразаў, паганскіх абрадаў і рытуалаў, пеўчых традыцый праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Людміла Карпаўна знайшла свой шлях у мастацтве, свой стыль, сваю манеру выказвання, звязаную з сінтэзам «старога» і «новага».

Людміла Карпаўна Шлег — адна з першых беларускіх кампазітарак-жанчын. У час яе прафесійнага станаўлення — а гэта былі 1970-я гады — да жанчын-кампазітараў ставіліся, мякка кажучы, насцярожана. І яна адна з першых пачала змагацца з гэтым перадузятым стаўленнем. Дачка ветэрана вайны і ўдзельніцы партызанскага руху, яна ўспадкавала ад бацькоў змагарны, цвёрды характар і гатоўнасць адстойваць свае перакананні. Яна не хацела цярпець, як гэта рабіла старэйшая за яе на 30 гадоў Эдзі Маісееўна Тырманд, а актыўна адстойвала сваё права на прафесію.

Яе творы тых гадоў і сёння вызначаюць аблічча беларускай музыкі ў тых жанрах, у якіх яна працавала. А гэта, перш за ўсё, харавая музыка і музыка для цымбалаў.

А пачыналася ўсё сціпла, у Баранавічах. Тут, у няпростыя пасляваенныя гады, Людміла Шлег скончыла музычную школу, а затым і вучылішча. Тут яшчэ лунаў дух выдатнага хормайстра і фалькларыста Генадзя Іванавіча Цітовіча, які даволі доўга жыў у Баранавічах, кіраваў мясцовымі калектывамі мастацкай самадзейнасці, збіраў музычны фальклор.

Магчыма, адсюль востры інтарэс Людмілы Карпаўны да беларускай народнай творчасці, да самых старажытных, паганскіх яе пластоў, які яна пранесла праз значную частку свайго творчага жыцця.

У 1972 годзе Людміла Шлег скончыла кансерваторыю па класе кампазіцыі Мікалая Аладава і Дзмітрыя Смольскага, затым асістэнтуру-стажыроўку ў Ленінградскай кансерваторыі ў выдатнага кампазітара з беларускімі каранямі Сяргея Слонімскага.

Выкладала кампазіцыю ў Мінскай дзіцячай музычнай школе № 2 (цяпер імя Аладава), дзе ў асноўным вучыліся дзеці рабочых МАЗа. У 1974 годзе ўступіла ў Саюз кампазітараў, шмат і плённа займалася творчасцю, захаплялася архаікай, абрадамі і рытуаламі, пеўчымі традыцыямі праваслаўнай і каталіцкай царквы. Упарта шукала свой уласны шлях, свой сінтэз «старога і новага».

Пазней яе інтарэсы пачалі зрушвацца ў бок рэлігіі і духоўнай музыкі. Прыйшло і захапленне жывапісам. Маляваць яна любіла з дзяцінства. Ужо ў сталым узросце Людміла Шлег скончыла Маскоўскі інстытут імя Крупскай па спецыяльнасці «станковы жывапіс і графіка» і, нарэшце, прыйшла да іканапісу.

За вялікі ўклад у развіццё царкоўна-пеўчай культуры кампазітарка ўдастоена прэміі «За духоўнае адраджэнне».

Пасля смерці бацькі Людміла Карпаўна пераязджае з Мінска ў Брэст, каб даглядаць састарэлую маці, і працягвае пісаць харавую музыку, у асноўным на царкоўныя і біблейскія тэксты. Яе лічаць адлюдніцай, але тры гады таму яна з вялікім задавальненнем сустрэлася са студэнтамі Брэсцкага музычнага каледжа. Як кажуць, у той дзень у невялікай зале каледжа не было дзе яблыку ўпасці. «Я пішу ціхую харавую музыку — гэта свет змястоўнай цішыні», — так сказала яна ў той дзень пра сябе. А пра сваё любімае мастацтва сказала: «У музыцы павінна быць тры чвэрці неба, астатняе — зямное».

— Людміла Карпаўна як асоба ўжо даўно не ўдзельнічае ні ў якіх нашых справах і праектах, але музыка яе пастаянна выконваецца, а нашы студэнты пішуць пра яе дыпломныя працы, — распавядае загадчыца кафедры харавога дырыжыравання Беларускай акадэміі музыкі, старшыня Беларускага харавога таварыства, дацэнт Інеса Бадзяка.

З 12 верасня па 31 кастрычніка 2018 года ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі прайшла юбілейная выстава «Святло духоўнай музыкі», прысвечаная жыццю і творчасці Людмілы Шлег.

Важна памятаць тыя скарбы, якімі мы валодаем, і берагчы іх як зрэнку вока.

(аўтар артыкула — Юлія Андрэева)

Творы гэтага кампазітара