Міхаіл Анцаў

Міхаіл Анцаў

Міхаіл Васільевіч Анцаў
30.09.1865, Смаленск — 21.07.1945, Масква. Кампазітар, педагог, музычны крытык, майстар харавой музыкі.

1886
Вучыўся ў Варшаўскім музычным інстытуце па класе Г.Фрымана і С.Барцэвіча (скрыпка) і З.Наскоўскага (кампазіцыя).

1894
Скончыў Санкт-Петэрбургскую кансерваторыю па класах Ю.І.Іаганзена (гармонія, кантрапункт) і М.Рымскага-Корсакава (кампазіцыя).

1894–1896
Выкладаў спевы ў Елізавецінскім інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З

1896
Выкладаў у Віцебску харавыя спевы ў розных навучальных установах.

1905–1912
Быў рэдактарам газет «Віцебскія губернскія ведамасці» і «Народны лісток», членам Віцебскай архіўнай камісіі.

1917 Быў адным з першых кампазітараў, якія звярнуліся да рэвалюцыйнай тэмы.

1918
Арганізаваў Народную кансерваторыю (дзе чытаў лекцыі па гісторыі і тэорыі музыкі), а таксама гурток беларускай песні. У сакавіку ў складзе дэлегацыя з А.Бессмяротным, Б.Сухадрэвым прадставіла ў Петраградзе наркаму А.Луначарскаму праект арганізацыі музычнага жыцця ў Віцебску.

1920
Кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага хору, арганізаванага ім пры Віцебскім акруговым музычным аддзеле.

Пачатак 1930-х
Пераехаў у Маскву.

1936–1938
Быў членам атэстацыйна-экспертнай камісіі пры Ўпраўленні па справах мастацтваў у Маскве.

21 ліпеня 1945
Памёр ў Маскве. Пахаваны на Новадзявочых могілках.

Клас Анцава М. В. па тэорыі і гармоніі Віцебскай музычнай прафесійна-тэхнічнай школы, 1930.
Максімава Л. П., Анцаў М. В., Дзеканава(?), Сігалава Ф.

Аўтар літургій для змешанага хору, хароў і песень на вершы беларускіх паэтаў Я.Коласа, М.Чарота, Я.Купалы і іншых. Сярод твораў апрацоўкі беларускіх народных песень «А ў полі Вярба», «Кума мая, кумачка», «Го-го-го, Каза», «Лучына-лучыначка», рамансы.

Аўтар навучальных дапаможнікаў, метадычных прац, у тым ліку «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

Піша творы для скрыпкі і фартэпіяна, рамансы і песні, меладэкламацыі. Яго пяру належаць струнны квартэт (1898), саната для скрыпкі і фартэпіяна (1898), дзевяць п’ес (1897). У музычных колах ён вядомы як кампазітар, які стварае, у першую чаргу, творы буйной формы, прызначаныя для выканання хорам з аркестрам.

Ім напісана звыш 30 хораў a cappella і з суправаджэннем, шмат харавых апрацовак народных песень, духоўныя творы, фартэпіянная музыка, інструментальная музыка, для скрыпкі і аркестра.

У стылі духоўных твораў М.Анцава пераважае гарманічнае выкладанне, але ў экспазіцыйных раздзелах часам выкарыстоўваюцца імітацыйныя формы, у тым ліку каноны. Літургію Анцаў трактуе як адзіны музычны цыкл, аб’ядноўваючы песнапенні ў групы паводле тэматычнага або танальнага прынцыпу (екценні, песнапенні еўхарыстычнага канона).

Агульны строй музыкі Літургіі нагадвае творы кампазітараў Новага напрамку — у прыватнасці, Архангельскага, Часнакова, а таксама іх вялікага папярэдніка Чайкоўскага. У Літургіі Анцава адсутнічаюць характэрныя для духоўных твораў кампазітараў Новага напрамку гарманізацыі старажытных напеваў; аўтар хутчэй абапіраецца на традыцыю пецярбургскага стылю часоў «рускага класіцызму», пераўтворанага дасягненнямі музычнага мастацтва канца XIX стагоддзя.

На жаль, большая частка кампазітарскай спадчыны была страчана і не дайшла да нашых дзён.
Многія яго творы выдаваліся і выконваліся за мяжой у Еўропе.

Творы гэтага кампазітара